КАСМІ́ЧНАЕ РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне радыёхваль рознымі аб’ектамі Метагалактыкі. Бывае неперарыўнае і дыскрэтнае; цеплавое (інтэнсіўнасць вызначаецца т-рай выпрамяняльнага аб’екта) і нецеплавое (сінхратроннае; выпрамяняецца рэлятывісцкімі электронамі пры іх руху ў касм. магн. палях). Вывучаецца ў радыёастраноміі.

Адкрыта ў 1932 амер. вучоным К.Янскім; у 1942 выяўлена радыёвыпрамяненне Сонца, у 1945 — Месяда, у 1946 — ад крыніцы ў сузор’і Лебедзя. Паверхні Зямлі дасягае К.р. ў дыяпазоне ад дэкаметровых да міліметровых радыёхваль (астатняе К.р. паглынаецца ў атмасферы Зямлі). Неперарыўны спектр К.р. маюць нармальныя галактыкі і радыёгалактыкі, квазары, пульсары, рэшткі звышновых зорак і інш. Дыскрэтнае К.р. звязана з халоднымі і шчыльнымі міжзорнымі воблакамі, дзе ідуць працэсы зоркаўтварэння. Найб. інтэнсіўна выпрамяняюць нейтральны вадарод (даўжыня хвалі 21 см), гідраксільная група (18 см), вада (1,35 см), вуглякіслы газ (2,6 мм). Гл. таксама Рэліктавае выпрамяненне.

А.А.Шымбалёў.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)